штогод з пачаткам ацяпляльнага сезона рэзка павялічваецца колькасць пажараў, звязаных з парушэннем правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення. У мэтах папярэджання такіх пажараў, МНС нагадвае аб неабходнасці правядзення праверкі стану печаў і неадкладнай ліквідацыі выяўленых недахопаў, а таксама прапануе вашай увазе пералік асноўных патрабаванняў пажарнай бяспекі пры наладжванні і эксплуатацыі пячнога ацяплення.

Пячное ацяпленне заўсёды стварала і стварае нямала праблем насельніцтву, асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе практычна ў кожным доме маецца печ – аб’ект падвышанай пажарнай небяспекі. А з надыходам асенне-зімовага перыяду праблема абвастраецца, бо нярэдка пажары заканчваецца траўматызмам і гібеллю людзей.

Усе пячныя пажары можна падзяліць на 2 групы. Па-першае, прычынай узгаранняў становіцца парушэнне правілаў наладжвання печы – напрыклад, недастатковая адлегласць паміж комінам печы і драўлянымі канструкцыямі перакрыццяў дома. Наступная праблема – парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення. У мэтах папярэджання пажараў па гэтых прычынах, нагадваем асноўныя патрабаванні пажарнай бяспекі пры наладжванні і эксплуатацыі пячнога ацяплення.

Любая печ павінна мець самастойны фундамент і не прымыкаць усёй плоскасцю адной са сценак да драўляных канструкцый. Трэба пакідаць паміж імі паветраны прамежак, ці так званую адступку.

Печ і дымавая труба ў месцах злучэння з драўлянымі перакрыццямі павінны мець патаўшчэнне цаглянага мура, або раздзелку. Не трэба забываць і пра патаўшчэнне сценак печы.

Мур печы павінен быць без расколін і шчылін, а ў коміне павінна быць добрая цяга. Каб пазбегнуць утварэння расколін у муры, у перыяд ацяпляльнага сезону коміны трэба чысціць ад сажы не менш за адзін раз у 2 месяцы.

Перад пачаткам ацяпляльнага сезона кожную печ, а таксама сценавыя дымавыя каналы ў межах памяшкання, і асабліва дымавыя трубы на гарышчы, неабходна пабяліць вапнавым растворам. Гэта робіцца для таго, каб на белым фоне можна было заўважыць якія з’яўляюцца з часам расколіны.

На драўлянай падлозе перад топкай неабходна прыбіць металічны перадтопачны ліст памерамі не менш за 50х70 см.

Каб не дапускаць перакалу печы, рэкамендуецца паліць яе два-тры разы ў дзень і не больш чым па паўтары гадзіны. Памятайце пра тое, што паленне печаў павінна спыняцца не менш чым за 2 гадзіны да сну.

Ні ў якім разе нельга распальваць печ дровамі, якія па даўжыні не ўмяшчаюцца ў топку. Па паленах агонь можа выйсці вонкі і перакінуцца на бліжэйшыя прадметы, падлогу і сцены.

Катэгарычна забараняецца прымяняць для распальвання печы лёгкія на загаранне і гаручыя вадкасці. Нельга праводзіць сушку і складзіраванне адзення, паліва і іншых гаручых рэчываў непасрэдна на печах і побач з імі. Сачыце за тым, каб мэбля і фіранкі знаходзіліся не менш чым у паўтараметрах ад печы.

Ні ў якім разе пры паленні печаў не пакідайце адкрытымі топачныя дзверцы. Надзвычай небяспечна пакідаць печы, якія паляцца, без нагляду або на апеку малалетніх дзяцей.

Попел, шлак, вугаль варта выдаляць у спецыяльна адведзеныя для гэтага месцы. Не дазваляецца ўтварэнне такіх месцаў збору бліжэй за 15 метраў ад згаральных будынкаў.