Большасць пажараў адбываецца ў жылых дамах, а асноўнымі прычынамі іх узнікнення з’яўляюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры ўладкаванні і эксплуатацыі электраабсталявання, ацяпляльных і газавых прыбораў, а таксама дзіцячае свавольства з агнём. Як паказвае практыка, не ўсе людзі ведаюць як паводзіць сябе ў выпадку ўзнікнення пажару, а часам у паніцы нават забываюць нумар тэлефона службы выратавання. Прапануем вашай увазе некалькі простых правілаў паводзін, якія дапамогуць Вам выратавацца ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі.
-
Невялікі ачаг можна проста патушыць уручную з дапамогай пакрывала або ручніка з несінтэтычных матэрыялаў: накрыйце полымя, перакрыўшы доступ кіслароду, і агонь згасне. Можна патушыць невялікае ўзгаранне і з дапамогай вады, аднак вы павінны памятаць пра тое, што ні ў якім разе нельга заліваць вадой прыборы, падключаныя да электрасеткі, і палаючае масла.
-
Калі ў Вас ці ў Вашых суседзяў здарыўся пажар, неадкладна выклікайце ратавальнікаў па тэлефоне “101” або “112”. Ніколі не варта панікаваць – гэта можа толькі пагоршыць сітуацыю. Заўсёды ёсць некалькі секунд для таго, каб спыніцца і абдумаць свае далейшыя дзеянні.
-
Відавочцам пажару неабходна паслаць каго-небудзь насустрач пажарным падраздзяленням, каб даць неабходную інфармацыю аб тым, што гарыць, ці ёсць там людзі, паказаць дакладны адрас здарэння і самыя кароткія шляхі пад’езду.
-
Калі пажар адбыўся ў адным з пакояў, неабходна шчыльна зачыніць дзверы палаючага памяшкання ў мэтах прадухілення распаўсюджвання агню па ўсім доме ці кватэры і лесвічнай пляцоўцы. Дзверы трэба абліць вадой і ўшчыльніць мокрымі анучамі, каб дым не пранікаў у астатнія памяшканні.
-
Апынуўшыся ў задымленым памяшканні, намачыце ручнікі або тканіну і дыхайце праз яе, бо дым таксічны, а гарачае паветра можа абпаліць лёгкія. У моцна задымленай прасторы трэба рухацца паўзком або прыгнуўшыся – тут ніжэйшая тэмпература і самая нізкая канцэнтрацыя дыму. Пры гарэнні вылучаецца вялікая колькасць таксічных рэчываў і атрутныя газы: сінільная кіслата, фасген і іншыя, а ўтрыманне кіслароду ў паветры зніжаецца. Менавіта таму небяспечны не столькі агонь, колькі дым і чад ад яго.
-
Калі на Вас загарэлася адзенне, ні ў якім разе не бяжыце – полымя разгарыцца яшчэ мацней. Падпаленую вопратку неабходна хутка зняць, а калі гэта не ўдаецца – кладзіцеся на зямлю і катайцеся так, каб збіць полымя.
-
Калі агонь перашкаджае пакінуць жыллё праз уваходныя дзверы, для эвакуацыі могуць быць выкарыстаны балконы, адчыняць якія варта вельмі асцярожна, паколькі прыток кіслароду можа толькі ўзмацніць гарэнне. Менавіта з гэтай прычыны разбіваць акно трэба толькі ў тым выпадку, калі праз яго можна эвакуіравацца. Не забудзьцеся шчыльна зачыніць дзверы балкона за сабой.
-
Вельмі небяспечна скакаць з верхніх паверхаў, спускацца па самаробных вяроўках, прасцінах і вадасцёкавых трубах. Лепш пачакаць дапамогі, чым скакаць у надзеі толькі на поспех.
-
Пры эвакуацыі па магчымасці хутка збярыце дакументы і грошы. Не варта спрабаваць шукаць свае любімыя рэчы і хапаць усё запар, бо жыццё важней. Калі ў вас ёсць магчымасць дапамагчы іншым людзям – рэалізуйце яе любымі спосабамі, бо лепш выратаваць жыццё чалавека, чым уласную маёмасць. Дапамагаючы людзям эвакуіравацца, памятайце, што маленькія дзеці звычайна ад страху залазяць пад ложак, у шафы або іншыя падобныя месцы.
-
Падчас пажару забараняецца карыстацца ліфтам - ён у любы час можа быць адключаны, і вы самі сябе загоніце ў пастку, бо можаце апынуцца ў ліфце паміж паверхамі і атрымаць атручэнне чадным газам.
Будзьце пільныя і памятайце аб тым, што толькі выкананне правілаў пажарнай бяспекі дапаможа Вам пазбегнуць трагічных наступстваў і зберагчы Вашы жыцці і маёмасць.)