Спецыялісты Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь распрацавалі мабільны дадатак “МНС Беларусі. Дапамога побач”, адна з найважнейшых задач якога – дапамагчы чалавеку эфектыўна дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі. І калі раней яго маглі ўсталяваць уладальнікі сучасных смартфонаў або планшэтаў на базе аперацыйнай сістэмы Android, то зараз дадзены дадатак стаў даступным і для карыстальнікаў iPhone і iPad.
Ратавальнікі вывучылі рынак даступных на тэрыторыі краіны праграм для мабільных прылад, і аказалася, што няма такіх, якія дазвалялі б хутка зарыентавацца ў нестандартных сітуацыях. Напрыклад, разбілі градуснік, адбылося ДТЗ, убачылі падпалены лес, на вуліцы навальніца і т. п. Так з’явіўся дадатак для беларускіх карыстальнікаў “МНС Беларусі. Дапамога побач”.
“Пяць крокаў да выратавання” - прынцып, згодна з якім арганізавана праца дадатка.
У раздзеле “Што рабіць?”сабрана больш за 50 магчымых небяспечных сітуацый (лівень, навальніца, паводка, снегапад, пажар і інш.) і дадзены рэкамендацыі МНС, як варта сябе паводзіць і дзейнічаць.
У дадатак убудавана інтэрактыўная карта, на якой можна адсачыць змены надвор’я, а таксама праграма апавяшчэння аб неспрыяльных і небяспечных з’явах ад Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Тут можна не толькі знайсці інфармацыю аб аператыўнай абстаноўцы, але і пра забароны на наведванне лясоў, а ў вясновы перыяд – пра падтапленні на тэрыторыі рэспублікі.
Яшчэ адной немалаважнай функцыяй стала кнопка званку ў МНС “112”. Людзі ў крытычнай сітуацыі забываюць нумары тэлефонаў экстранных служб. Званок можна ажыццявіць з розных старонак дадатка або наўпрост з раздзелу “Што рабіць?” Ратавальнікі рэалізавалі варыятыўнасць званкоў – дадалі магчымасць не толькі злучэнні з МНС, але і адпраўкі смс або званкоў на зададзены нумар – напрыклад, урачу або родным. Гэта дазволіць звязацца ў экстраных выпадках з патрэбным чалавекам, што асабліва важна для людзей з рознымі захворваннямі. Устаноўкі нумара, а таксама магчымасць змяніць тэкст паведамлення рэалізаваны ў карыстальніцкіх наладках.
Раздзел “Правер сябе” дазваляе з дапамогай прадстаўленых тэстаў праверыць уласныя веды, параўнаць свае адказы з вынікамі іншых карыстальнікаў. Папоўніць прабелы ў ведах можна ў раздзеле “Энцыклапедыя”, дзе сабрана шмат патрэбных і карысных артыкулаў.
Дадатак “МНС Беларусі. Дапамога побач” дазваляе кожнаму ўладальніку смартфона або планшэта быць у курсе неспрыяльных прагнозаў надвор’я і мець пад рукой інфармацыю, як дзейнічаць у любой надзвычайнай сітуацыі. Каб спампаваць дадатак, дастаткова проста ўвесці ў пошуку GooglePlayMarket - “МНС” (“МЧС”) і дадатак будзе першым у спісе).