Остерегайтесь небрежных курильщиков!
Не сакрэт, што ў Беларусі курыць вялікая колькасць насельніцтва. Паводле даных розных апытанняў, больш за 50% мужчын і 10% жанчын штодня рызыкуюць не толькі сваім здароўем, але і жыллём з прычыны непагашанага недакурка. Такія быццам бы бяскрыўдныя дзеянні “дастаў-пакурыў-выкінуў”, могуць прывесці да трагічнага ланцужку: “закурыў-выпіў-заснуў”. Выклікаўшы тленне, сам недакурак праз некаторы час згасае, але ўтвораны ім ачаг тлення ператвараецца ва ўзгаранне. Курэнне ў пары з алкаголем прыводзіць, у найлепшым выпадку, да падвэнджаных сцен і столі, у найгоршым – да страты дома або нават да смерці.
Курэнне ў ложку – адна з асноўных прычын пажараў і смерці беларусаў, але не менш небяспечную пагрозу ўяўляюць непагашаныя недакуркі, выкінутыя з верхніх паверхаў. Часцяком балконы і лоджыі выступаюць у выглядзе падсобак, на якіх захоўваецца старая вопратка і лёгкаўзгаральныя вадкасці.
Чалавек, які курыць, падвяргае рызыцы не толькі сябе, але і блізкіх. Аб наступствах для здароўя даўно вядома: пасіўнае курэнне наносіць вялікую шкоду ўсім навокал, але выкінуты недакурак цалкам можа прынесці бяду жыхарам ніжніх паверхаў. Попельніца не ядзерная фізіка, а асвоіць мастацтва абыходжання з ёй – прасцей за простае. Нагадайце пра гэта суседзям, хто любіць тытунь, і запомніце самі, калі ўцягнуліся ў шкодную звычку.
Як курыць бяспечна (хаця б для захаванасці вашага жыцця):
1. Калі самі не можаце адмовіцца ад тытуню, не кідайце цыгарэты на падлогу і не курыце ў ложку;
2. Недакуркі трэба складаць у бляшаную банку, напоўненую вадой. Забудзьцеся на звычку кідаць “бычкі” з лоджыі ці балкона;
3. Зачыняйце на балконе або лоджыі вокны, а таксама не захоўвайце там лёгкаўзгаральныя вадкасці. Часам прыбірацца і не ўчыняць на балконе склад – добрае рашэнне не толькі для аматараў мінімалізму;
4. Усталюйце пажарны апавяшчальнік, які дапаможа своечасова апавясціць вас аб пажары.
Але памятайце! Найлепшы сродак засцерагчы сябе ад наступстваў тытуню – зусім кінуць курыць. Не забывайце, што лятучыя і п’яныя недакуркі могуць стаць прычынай скалечаных жыццяў, паламаных лёсаў і спаленага дома.
“Выпілі, закурылі, заснулі, загарэліся”
“Выпілі, закурылі, заснулі, загарэліся” – менавіта па такім сцэнары адбываюцца пажары, прычына якіх – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні ў нецвярозым стане. І такія пажары ў зводках МНС з’яўляюцца практычна штодня.
У стане алкагольнага ап’янення людзі не здольныя адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць і, як вынік, пазбаўленыя інстынкту самазахавання. Вось і засынаюць з непатушанай цыгарэтай, ад якой спачатку загараюцца пасцельныя рэчы, а затым і іншая маёмасць.
Вобраз чалавека, які злоўжывае спіртнымі напоямі, нязменна аднолькавы: неахайны выгляд, пустыя вочы, і адзіная, але штодзённая праблема ў жыцці – дзе дастаць спіртное. Дадамо да гэтага цыгарэты, абыякавасць да ўсяго таго, што адбываецца, і поўную абыякавасць да ўласнай бяспекі. А яшчэ “непрабіўная” саманадзейнасць, што сітуацыя пад кантролем. Мімаволі ўзнікае пытанне: няўжо ў такіх людзей у жыцці нічога даражэйшага за шклянку спіртнога няма? Дзе ж дзеці, сваякі? Можа трэба ўспомніць пра іх і хаця б паспрабаваць ім дапамагчы, магчыма хтосьці і стане на шлях праўдзівы?
А трэба ж яшчэ ўлічваць і той факт, што асобна ўзятае домаўладанне не знаходзіцца ў ізаляцыі і побач жывуць людзі, якія па волі выпадку могуць стаць закладнікамі надзвычайнай сітуацыі. Дадзеная катэгорыя грамадзян ставіць пад пагрозу не толькі ўласнае жыццё, але і здароўе, і бяспеку сваіх блізкіх і людзей, якія пражываюць па суседстве.
Служба МНС прымае ўсе меры для таго, каб паменшыць колькасць пажараў і прадухіліць гібель на іх людзей. У якасці прафілактычных мерапрыемстваў работнікі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях праводзяць абследаванні жылых дамоў, шматлікія акцыі, навучаюць грамадзян мерам пажарнай бяспекі па месцы жыхарства, працы і вучобы. Аднак, нягледзячы на шматразовыя звароты і прафілактычную і тлумачальную работу, многія грамадзяне аддаюць перавагу вучыцца не на чужых, а на ўласных памылках. Але пакуль чалавек не зразумее сам, якой небяспецы падвяргае сябе і сваіх блізкіх, грэбуючы правіламі бяспекі, не ўсведамляе ўсю сур’ёзнасць і глыбіню праблемы, фінал будзе ўсё таксама трагічна прадказальны і непазбежны, і ніякія папярэджанні не дапамогуць змяніць сітуацыю, пры якой адбываюцца вогненныя НС.
І ўсё ж немалаважнае значэнне мае тое, як ставяцца да дадзенай праблемы і якія меры забеспячэння пажарнай бяспекі прымаюць людзі, побач з якімі пражываюць такія “пажаранебяспечныя” суседзі.
Калі вашы суседзі рэгулярна злоўжываюць спіртнымі напоямі, звяртайцеся з заявай у міліцыю ці МНС. Супрацоўнікі АУС і МНС правядуць праверку, прафілактычную тлумачальную работу і возьмуць на ўлік клапатлівых грамадзян. У выпадку, калі гэтая праца не дае станоўчых вынікаў, то ў судовым парадку ініцыюецца рашэнне аб накіраванні ў ЛПП.
Яшчэ адным спосабам абароны вашага жыцця можа стаць усталяванне аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Дадзены прыбор з’яўляецца найбольш эфектыўным сродкам выяўлення ў самы кароткі час задымлення ў доме і дае магчымасць прыняць меры па абароне сям’і і маёмасці ад пажару. Найбольш удалым рашэннем можа стаць злучэнне АПА ў адзіную сетку з суседнімі дамамі або кватэрамі, а таксама вывад сігналу АПА на светлагукавую прыладу, размешчаную на фасадзе дома. Калі гаспадар “няшчаснага” дома на сігнал не адрэагуе, трывогу падымуць мінакі ці суседзі, у якіх паралельна спрацоўвае АПА.
Выконваючы правілы пажарнай бяспекі ў сваіх домаўладаннях, не забывайце прыглядаць за ненадзейнымі сем’ямі, якія пражываюць па суседстве. Будзьце пільнымі і не стаўцеся абыякава да такіх людзей, бо толькі Ваша ўвага і своечасова прынятыя меры дапамогуць пазбегнуць трагічных наступстваў і зберагчы Вашы жыцці і маёмасць).