Основные свойства газа, которые необходимо знать

Газ, які выкарыстоўваецца ў побыце, пажаранебяспечны, а ў сумесі з паветрам у пэўных прапорцыях яшчэ і выбуханебяспечны. Такім чынам, уцечкі газу і неасцярожнае абыходжанне з крыніцамі адкрытага агню могуць прывесці да пажараў. Выбух газапаветранай сумесі адбываецца не толькі ад адкрытага агню, але і іскры, якая можа ўтварыцца ў электрычнай сетцы падчас працы бытавога электрычнага абсталявання.

Чысты газ не мае колеру і паху. Для таго, каб чалавек мог своечасова выявіць небяспеку, у газ дадаецца адарант – рэчыва, якое мае рэзкі і непрыемны пах.

Газ не таксічны, але значная яго канцэнтрацыя ў паветры прыводзіць да кіслароднага галадання і ўдушша.

Прыродны газ лягчэй за паветра, і таму пры выхадзе з трубаправода падымаецца ўверх. Звадкаваны газ, які пастаўляецца ў балонах і запаўняецца ў рэзервуарныя ўстаноўкі, наадварот цяжэй за паветра, у сувязі з чым уяўляе вялікую небяспеку, бо ў выпадку ўцечак можа запасіцца ў памяшканні кухні ці, што яшчэ горш, у сутарэнні.

Меры бяспекі, якія неабходна выконваць пры карыстанні газам, сфармуляваны ў асноўным нарматыўным дакуменце, які дзейнічае ў Рэспубліцы Беларусь – Правілах карыстання газам у побыце, зацверджаных пастановай Савета Міністраў. Захаванне простых правілаў – галоўная ўмова бяспечнай эксплуатацыі газавых прыбораў.

Каб пазбегнуць узнікнення аварыйных сітуацый і няшчасных выпадкаў, забараняецца:

- дапускаць да карыстання газавымі плітамі дзяцей да 12 гадоў, іншым газавыкарыстальным абсталяваннем – дзяцей да 14 гадоў, недзеяздольных асоб, прызнаных такімі ва ўстаноўленым парадку, асоб, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення, а таксама асоб, якія не прайшлі інструктаж і якія не ведаюць правілаў бяспечнага карыстання гэтым абсталяваннем;

- карыстацца газавыкарыстальным абсталяваннем у выпадку яго няспраўнасці, пры выяўленні паху газу, няспраўнасці газаправодаў, адключальнай арматуры, прыбораў аўтаматыкі бяспекі;

- пакідаць адкрытымі вентылі балонаў (калі балон усталяваны ў памяшканні), краны, якія знаходзяцца перад газавыкарыстальным абсталяваннем і на ім, пасля заканчэння карыстання газавыкарыстальным абсталяваннем;

- пакідаць без нагляду газавыкарыстальнае абсталяванне, якое працуе, акрамя разлічанага на бесперапынную працу і абсталяванага адпаведнай аўтаматыкай бяспекі;

- выкарыстоўваць для абагравання памяшканняў газавыкарыстальнае абсталяванне, прызначанае для гатавання ежы;

- ажыццяўляць самавольнае падключэнне, адключэнне газавыкарыстальнага абсталявання і яго перастаноўку з ужываннем зваркі, а таксама перападключэнне на далучальны гнуткі шланг, разборку гэтага абсталявання і яго рамонт, умешвацца ў працу індывідуальных прыбораў уліку расходу газу;

- прывязваць да газаправодаў вяроўкі, нагружаць газаправоды і выкарыстоўваць іх у якасці апор;

- сушыць рэчы над полымем гарэлак газавай пліты;

- выкарыстоўваць для сну памяшканні, у якіх усталявана газавыкарыстальнае абсталяванне;

- прымяняць агонь для выяўлення ўцечкі газу з газаправодаў, газавыкарыстальнага абсталявання;

- падключаць да газавыкарыстальнага абсталявання самаробныя гарэлкі і іншыя прыстасаванні;

- эксплуатаваць газавыкарыстальнае абсталяванне пры няспраўнасці дымавых і вентыляцыйных каналаў, адсутнасці цягі, а таксама без наяўнасці актаў праверкі тэхнічнага стану дымавых і вентыляцыйных каналаў, якія выдаюцца спецыялізаванай арганізацыяй, або пры пратэрмінаваных такіх актах альбо адсутнасці запісаў у журналах уліку вынікаў паўторнай праверкі і прачысткі дымавых і вентыляцыйных каналаў пры наяўнасці пасведчання аб праходжанні навучання на права выканання работ па паўторнай праверцы і прачыстцы дымавых і вентыляцыйных каналаў;

- зрываць пломбы, усталяваныя вытворцамі і газазабеспячальнымі арганізацыямі на індывідуальных прыборах уліку расходу газу, адключальных прыладах, газавыкарыстальным абсталяванні, парушаць цэласнасць пламбіравальнага матэрыялу і самавольна падключаць газавыкарыстальнае абсталяванне пасля яго адключэння газазабеспячальнымі арганізацыямі

- пры газіфікацыі жылога дома ад ІБУ ажыццяўляць сліў ЗВГ з балона, напаўненне і падагрэў балона, эксплуатаваць балон з уцечкамі газу або прыкметамі зносу ўшчыльняльных матэрыялаў, механічнымі пашкоджаннямі, перадаваць балон з ЗВГ іншым асобам;

- карыстацца газавыкарыстальным абсталяваннем са скончаным тэрмінам эксплуатацыі пры адсутнасці станоўчых вынікаў яго дыягностыкі;

- парушаць устаноўленыя заканадаўствам абмежаванні па выкарыстанні ахоўных зон аб’ектаў газаразмеркавальнай сістэмы;

- ажыццяўляць замену балонаў з ЗВГ на ІБУ пры адсутнасці пасведчання на права самастойнай замены балона, адпаведнага запісу ў тэхнічным пашпарце;

- захоўваць балоны з ЗВГ у не падключаным да ІБУ стане;

- усталёўваць балоны з ЗВГ у жылых пакоях, памяшканнях без натуральнага асвятлення;

- выкарыстоўваць ЗВГ у балонах для іншых мэт, не прадугледжаных праектам (эскізам) на мантаж ІБУ;

- забаронена эксплуатацыя ў зімовы перыяд газавыкарыстальнага ацяпляльнага абсталявання з адсутнасцю кантролю працы больш за 24 гадзіны.

Таксама варта памятаць:

- перад уключэннем газавыкарыстальнага абсталявання неабходна пераканацца, што ўсе краны на ім і падвадным газаправодзе знаходзяцца ў становішчы “закрыта”;

- перад кожным выкарыстаннем газавых воданагравальнікаў і ацяпляльнага газавага абсталявання неабходна правяраць цягу ў адпаведнасці з тэхнічнымі (эксплуатацыйнымі) дакументамі вытворцы;

- памяшканні, у якіх устаноўлена газавыкарыстальнае абсталяванне, неабходна праветрываць. Дэфлектары (дэкаратыўныя рашоткі) вентыляцыйных каналаў павінны быць пастаянна адкрытыя. У кватэрах на час працы газавыкарыстальнага абсталявання неабходна забяспечыць працу вентыляцыі і прыток свежага паветра.

- пры эксплуатацыі газавыкарыстальнага абсталявання варта выконваць патрабаванні, выкладзеныя ў інструкцыях па яго эксплуатацыі.

- пры эксплуатацыі газавых пліт неабходна выконваць наступныя патрабаванні:

ажыццяўляць пастаяннае назіранне за газавай плітой, якая працуе. Пры закіпанні змесціва посуду зменшыць полымя паваротам ручкі крана гарэлкі;

пры карыстанні духавай шафай перыядычна назіраць за працай гарэлак праз назіральнае акно, якое знаходзіцца на дзверцах шафы. У выпадку згасання полымя гарэлкі варта закрыць усе краны гарэлак газавай пліты і кран на ўваходзе да газавай пліты, выветрыць шафу, каб пазбегнуць “хлапку” газу, і пры неабходнасці ажыццявіць распальванне гарэлкі;

гарэлкі газавай пліты, іх каўпачкі, рашоткі, падгарэлачныя лісты і іншыя часткі пліты перыядычна прамываць мыйнымі сродкамі.

- пры эксплуатацыі праточных газавых воданагравальнікаў варта ўлічваць, што яны працуюць толькі пры пэўным ціску вады (прадугледжаным тэхнічнымі данымі апарата і інструкцыяй па эксплуатацыі). У выпадку, калі пры зніжэнні ціску вады гарэлка воданагравальніка згасне, неабходна зачыніць усе краны. Распальваць гарэлку воданагравальніка можна толькі пасля аднаўлення намінальнага ціску патоку вады.

Пры з’яўленні ў памяшканні паху газу варта неадкладна:

спыніць карыстанне газавыкарыстальным абсталяваннем (перакрыць краны, якія знаходзяцца перад газавыкарыстальным абсталяваннем і на ім, або вентыль балона), адчыніць вокны для праветрывання памяшкання, неадкладна паведаміць у спецыялізаванае падраздзяленне газазабеспячальнай арганізацыі.

пры гэтым у памяшканні забараняецца карыстацца адкрытым агнём, электразванкамі, курыць, уключаць і выключаць электраасвятленне і электрапрыборы. Неабходна таксама выдаліць з загазаванага памяшкання людзей і хатніх жывёл.

vstavka.jpg

 

Акрамя таго, вялікае значэнне мае і своечасовае правядзенне прафілактычнага тэхнічнага абслугоўвання і дыягностыкі газавага абсталявання.

Ігнараванне названых правілаў можа прывесці да самых сумных наступстваў.

 

СПАЖЫВЕЦ ГАЗУ, ПАМЯТАЙ!!!

ЗА ПАРУШЭННЕ ПРАВІЛАЎ КАРЫСТАННЯ ГАЗАМ У ПОБЫЦЕ ПРАДУГЛЕДЖАНЫ ШТРАФ

АД 4 ДА 20 БАЗАВЫХ ВЕЛІЧЫНЬ

Побытавы газ не толькі карысць для чалавека, але і крыніца павышанай небяспекі.

Будзьце ўважлівыя з газам! Ваша непамятлівасць, няўважлівасць могуць прычыніць бедства вам і вашым блізкім і суседзям. Толькі ўмелае абыходжанне з газавымі прыборамі і веданне правілаў карыстання газам дапаможа вам пазбегнуць няшчасных выпадкаў.

Пры паху газу тэлефануйце 104