%D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B8%D0%BD%D0%BA%D0%B0%20%D0%90%D0%9F%D0%98.png

Пра існаванне аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў сёння ведае кожны. Неабходнасць іх усталявання ўжо даўно не выклікае сумневаў, аднак многія людзі пакуль не вельмі выразна разумеюць важнасць дадзенага прыбора і тое, што менавіта ён можа своечасова апавясціць аб небяспецы і даць магчымасць выратавання людзей і маёмасці ад пажару. Каб засцерагчы сябе і сваіх блізкіх, прапануем Вам задумацца аб усталяванні ў сваім жыллі аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка.

Чаму аўтаномны пажарны апавяшчальнік патрэбны ў кожным доме? Для таго, каб атрымаць адказ на гэта пытанне, задумайцеся: ці хацелі б Вы своечасова даведацца, што ў Вашай кватэры ці доме пачынаецца пажар? А ці ёсць шанец выявіць пажар у доме ноччу, калі чалавек спіць і не адчувае паху дыму? Здавалася б, адказ відавочны. Ды і ў народзе нездарма спрадвеку кажуць: “Злодзей пройдзе – сцены пакіне, агонь пройдзе – усё забярэ і папялішча пакіне”.

Але, у той жа час, большасць людзей знаходзяцца ва ўпэўненасці, што пажар можа здарыцца дзе заўгодна, але толькі не ў іх, многія кажуць, маўляў, мы не п’ём і не курым, таму пажарны апавяшчальнік нам не патрэбен. А пажары здараюцца не толькі па гэтай прычыне. Кароткае замыканне электраправодкі, не адрамантаваная своечасова печ, забыты прас або ежа, якая гатуецца на пакінутай без нагляду пліце, дзіцячае свавольства з агнём – вось далёка не поўны пералік прычын пажараў, якія пастаянна фігуруюць у зводках МНС.

Практыка паказвае, што ў домаўладаннях, абсталяваных аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі, у шмат разоў павышаецца ўзровень бяспекі людзей, якія пражываюць у іх. Толькі ў 2018 годзе ў Віцебскай вобласці дзякуючы спрацоўкам АПА выратаваныя 24 чалавекі, з іх 3 дзіцяці. Сёлета ўжо выратаваныя 12 чалавек, у тым ліку 4 дзяцей.

Думаем, што дадатковых аргументаў у неабходнасці ўсталявання аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка проста не патрабуецца. І пагадзіцеся, што яго кошт, а гэта крыху больш за 10 рублёў, непараўнальны з коштам тых наступстваў, да якіх прыводзяць пажары, знішчаючы нажытую гадамі маёмасць, а часам забіраючы чалавечыя жыцці.

АПА адчувальны нават да нязначнага задымлення ў памяшканні, што спрыяе хуткаму выяўленню ўзгарання на ранняй стадыі яго развіцця. Пры з’яўленні дыму ён падае магутны гукавы сігнал, які здольны апавясціць і нават абудзіць чалавека, які спіць.

Называецца прыбор аўтаномным, паколькі яго канструкцыя выканана такім чынам, што для працы яму не патрабуецца падключэнне да электрычнага ланцугу і падключэнне да пульта кіравання. Унутры пластыкавага корпуса размешчана крыніца сілкавання – батарэйка і кампаненты, неабходныя для выяўлення пажару і непасрэднага апавяшчэння пра яго.

Усталяванне апавяшчальніка не патрабуе спецыяльных ведаў і навыкаў. У камплекце да яго прыкладаецца падрабязная інструкцыя, якая змяшчае ўсю неабходную інфармацыю аб мантажы, наладжванні і правілах эксплуатацыі. Прыбор зусім не псуе інтэр’ер, яго крапежная пляцоўка замацоўваецца на столі пры дапамозе шруб, а ўжо ў яе ўсталёўваецца сам аўтаномны пажарны апавяшчальнік кручэннем па гадзіннікавай стрэлцы да ўпору. Для дэмантажу дастаткова павярнуць прыладу супраць гадзіннікавай стрэлкі.

АПА рэкамендуецца ўсталёўваць у цэнтральнай частцы столі з невялікім змяшчэннем у бок акна ці дзвярэй – там, дзе забяспечаны пастаянны паветраабмен.

Перарывісты сігнал святлодыёда чырвонага колеру, размешчанага на корпусе АПА, сведчыць аб яго спраўнасці і знаходжанні ў дзяжурным рэжыме працы. Пры выяўленні задымлення АПА падае перарывісты гукавы сігнал з пастаянным свячэннем святлодыёда чырвонага колеру. Для спынення падачы гукавога сігналу апавяшчальніка трэба ліквідаваць крыніцу задымлення і выветрыць памяшканне.

Апавяшчальнік працуе ад 1 батарэйкі тыпу “Крона”. Рэкамендуецца раз у год чысціць пажарны апавяшчальнік ад пылу з дапамогай пыласоса і кожны месяц правяраць яго працаздольнасць шляхам націскання на тэставую кнопку.

Каб абараніць сябе і сваіх блізкіх ад пажараў, загадзя прымайце меры па павышэнні ўзроўню пажарнай бяспекі Вашых домаўладанняў. І памятайце, што адной з эфектыўных мер з’яўляецца ўсталяванне аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў!)