Вось і праляцелі месяцы школьных канікул і наперадзе новы навучальны год. Кожны дзень, адпраўляючы сваіх дзяцей у школу, большасць бацькоў абавязкова даюць ім масу карысных настаўленняў з нагоды паспяховасці і паводзін, аднак, разам з гэтым, варта памятаць і пра тое, што Ваша дзіця заўсёды павінна быць у бяспецы

Большую частку свайго часу дзеці праводзяць менавіта ў школе і тут даводзіцца разлічваць толькі на іх здольнасць выконваць правілы бяспекі, пазнаёміць з якімі – першарадная задача бацькоў. Важна з ранняга ўзросту прышчапіць дзіцяці пачуццё самазахавання, навучыць яго быць пільным і асцярожным. І не мае значэння, малы ў Вас ці падлетак – думаць пра яго бяспеку Вы павінны заўсёды! Памятайце, што Ваша мэта – даць дзіцяці тыя веды і навыкі, валоданне якімі стане гарантыяй яго бяспекі!

Дарослыя людзі вельмі часта пакутуюць з-за сваёй уласнай неасцярожнасці, бестурботнасці, з-за нежадання прадбачыць наступствы сваіх неабдуманых учынкаў. А што казаць пра дзяцей, у якіх адсутнічае жыццёвы досвед, няма навыкаў бяспечных паводзін? Як ні сумна, менавіта дзеці пакутуюць на пажарах, на дарогах, на вадзе, у лесе, бо папросту не ведаюць, як паводзіць сябе ў існуючых экстрэмальных сітуацыях.

Перад усімі бацькамі рана ці позна паўстае пытанне, з якога ўзросту можна пакідаць дзіця дома адно. Тут адназначна можна сказаць, што дзеці дашкольнага ўзросту павінны знаходзіцца пад наглядам дарослых. Дзеці, асабліва ва ўзросце да 7 гадоў, праяўляюць непадробную цікавасць да прадметаў вакол іх, у прыватнасці да электрапрыбораў, тэхнікі і г. д. Яны не ўсведамляюць да чаго можна дакранацца, а да чаго – небяспечна для жыцця, з чым можна гуляць, а з чым не. Часцей за ўсё дзеці атрымліваюць траўмы з прычыны сваёй дапытлівасці, рухомасці, празмернай самаўпэўненасці, недахопу жыццёвага досведу, эмацыйнай неўраўнаважанасці.

Дзіця пайшло ў школу. Яго пачынаюць прывучаць да самастойнасці. Бо не ва ўсіх ёсць бабулі-дзядулі, старэйшыя браты-сёстры. І тады бацькі вымушаныя пакідаць дзіця дома адно на нейкі час. А гэта зусім не азначае, што яму нішто не пагражае. Прыбярыце колючыя, рэжучыя прадметы, якімі дзіця можа параніцца, запалкі і запальніцы, лекі і сродкі бытавой хіміі захоўвайце ў недаступных для дзяцей месцах. Дзіця малодшага школьнага ўзросту павінна ведаць дамашні адрас і нумар тэлефона. Навучыце яго карыстацца мабільным тэлефонам, каб пры неабходнасці яно магло патэлефанаваць у службы экстранай дапамогі, а таксама вам на працу. Каля тэлефона прымацуйце ліст паперы з усімі неабходнымі нумарамі. Раскажыце дзіцяці, пры якіх абставінах імі можна скарыстацца. Растлумачце яму, што ў выпадку пажару неабходна выбягаць на вуліцу і клікаць на дапамогу, ні ў якім разе нельга хавацца. Запалкі і запальніцы захоўвайце ў недаступных для дзяцей месцах. Не дазваляйце свайму дзіцяці самастойна карыстацца газавымі і электрычнымі прыборамі, тапіць печы. Калі ёсць магчымасць, даручыце старэйшым дзецям прыглядаць за малодшымі. Ні ў якім разе не пакідайце без нагляду малалетніх дзяцей. Дайце дзіцяці якое-небудзь заданне, даручэнне – адным словам, займіце яго, каб у вашу адсутнасць яно было занята карыснай і цікавай справай.

Выходзячы з дому нават на непрацяглы час, зачыніце вокны, балкон, выключыце ваду, газ, электранагравальныя прыборы. Калі мяркуеце, што вернецеся зацемна, уключыце святло ва ўсіх пакоях, дзе можа гуляць дзіця. Зачыняючы дзверы, нагадайце дзіцяці, каб яно нікому з старонніх дзверы не адчыняла. Дзіця лепш засвоіць правілы, калі зымітаваць магчымыя небяспечныя сітуацыі ў выглядзе гульні і прыцягнуць да яе членаў сям’і і яго сяброў.

Растлумачце свайму дзіцяці, якія небяспекі могуць падпільноўваць яго дома, на вуліцы, пры адпачынку на прыродзе. Дзеці павінны ведаць, якія дзеянні могуць прывесці да надзвычайных сітуацый, як не дапусціць пажару і што рабіць у выпадку яго ўзнікнення, якія правілы трэба выконваць, знаходзячыся на вадаёмах і паблізу іх, правілы бяспечных паводзін на дарогах.

Немагчыма прадугледзець усе сітуацыі і даць парады на ўсе выпадкі жыцця. Але навучыць дзіця быць асцярожным можна і трэба. І ніхто не зможа зрабіць гэта лепш за бацькоў. Бо менавіта Ваша ўвага, любоў і клопат – самая надзейная абарона! Памятайце, што дзіця бярэ прыклад з Вас і калі яно заўважыць ваша грэблівае стаўленне да правіл бяспекі, то і само стане грэбаваць імі.

Для таго, каб абараніць жыцці Вашых дзяцей, трэба не забываць аб тым, што адказнасць за дзіцячае свавольства або неасцярожнасць нясуць, у першую чаргу, дарослыя. Менавіта мы абавязаны своечасова папярэдзіць дзіця і прадугледзець усе меры бяспекі. І, самае галоўнае, ні ў якім разе не пакідайце малалетніх дзяцей адных без нагляду! Таксама бацькам неабходна памятаць, што за неналежнае ўтрыманне дзяцей прадугледжана крымінальная адказнасць у адпаведнасці з арт. 159 КК РБ “Пакіданне ў небяспецы”).

%D0%94%D0%B5%D1%82%D0%B8.jpg